Устаноўка (псіхалогія)
Устаноўка (ацціцюд, англ.: attitude) — схільнасць індывіда да пэўных думак, пачуццяў, выканання пэўных дзеянняў у адносінах да пэўных навакольных сацыяльных аб’ектаў або з’яў, зыходзячы са здабытага ім вопыту.
Інтэрпрэтацыі тэрміна
[правіць | правіць зыходнік]Паводле М. Сміта, сацыяльная ўстаноўка ёсць пэўная дыспазіцыя індывіда, у адпаведнасці з якой тэндэнцыі яго думак, пачуццяў і магчымых дзеянняў арганізаваны з улікам сацыяльнага аб’екта. Па вызначэнні М. Рокіча, сацыяльная ўстаноўка — гэта адносна ўстойлівая ў часе сістэма поглядаў, уяўленняў аб аб’екце або сітуацыі, якая схіляе да пэўнай рэакцыі.
У. Томас і Ф. Знанецкі — даследчыкі, якія ўвялі ў навуковы ўжытак тэрмін «сацыяльная ўстаноўка» ў сваім пяцітомным даследаванні «Польскі селянін у Еўропе і Амерыцы», — вызначылі гэты тэрмін як псіхалагічны працэс, які разглядаецца ў адносінах да сацыяльнага міру і ўзяты перш за ўсё ў сувязі з сацыяльнымі каштоўнасцямі. Каштоўнасць, на іх думку, ёсць аб’ектыўны бок устаноўкі. Такім чынам, ўстаноўка ёсць індывідуальны (суб’ектыўны) бок сацыяльнай каштоўнасці.
Адрозненні ад сходных паняццяў
[правіць | правіць зыходнік]Неабходна адрозніваць паняцце «ўстаноўка» ад блізкіх яму паняццяў — напрыклад, вызначэнне ўстаноўкі, дадзенае грузінскім даследчыкам Д. Узнадзэ, ад тэрміналогіі сацыяльнай ўстаноўкі. Узнадзэ вызначае ўстаноўку як цэласны дынамічны стан суб’екта, стан гатоўнасці да пэўнай актыўнасці, стан, які абумоўліваецца двума фактарамі: патрэбай суб’екта і адпаведнай аб’ектыўнай сітуацыяй. Дадзенае азначэнне не звязана з аналізам сацыяльных фактараў, дэтэрмінуючых паводзіны асобы, з засваеннем індывідам сацыяльнага вопыту; устаноўка ў кантэксце канцэпцыі Узнадзэ ў большай ступені звязана з рэалізацыяй найпрасцейшых фізіялагічных патрэбаў чалавека.
Рыса (англ.: trait) — устойлівая ўласцівасць асобы, якая вызначае характэрныя для яе паводзіны і мысленне. Амерыканскі псіхолаг Г. Олпарт лічыць, што існуюць тры адрозненні паміж рысай і ўстаноўкай: 1) рыса не мае відавочна выяўленай накіраванасці; 2) рыса можа быць толькі агульнай; 3) рыса не мае пэўнага аднясення да аб’ектаў.
Адрозненне паміж паняццямі «ўстаноўка» і «стаўленне» ў тым, што стаўленне, паводле В. Мясішчава, выцякае з ўсёй гісторыі развіцця чалавека, яно выяўляе яго асабісты вопыт і ўнутрана вызначае яго дзеянні, яго перажыванні; пры гэтым устаноўку варта разглядаць як пэўную дыспазіцыю — гатоўнасць да пэўных паводзінаў у канкрэтнай сітуацыі, зыходзячы з сацыяльнага досведу.
Адрозненне сацыльнай устаноўкі ад стэрэатыпу заключаецца ў тым, што стэрэатып — любая думка, шырока прынятая аб канкрэтных тыпах людзей або пэўных спосабах паводзін, прызначаных для прадстаўлення ўсёй групы гэтых асоб або паводзін у цэлым. Стэрэатып у асноўным гэта кагнітыўнае стварэнне, разнавіднасць сацыяльных ведаў, сацыяльная ўстаноўка ж акрамя кагнітыўных мае яшчэ матывацыйную, а таксама, як ўбачым ніжэй, і іншыя функцыі. Акрамя таго, у адрозненне ад стэрэатыпу сацыяльная ўстаноўка не абавязкова адрозніваецца нерухомасцю, асабліва стойкай устойлівасцю: ўстаноўкі, асабліва сацыяльна-палітычныя, здольныя мяняцца, асабліва пад уплывам змяненняў у патрэбах, ў матывах, у ведах і вопыце людзей.
Структура сацыяльных установак
[правіць | правіць зыходнік]Разглядаючы складнікі сацыяльнай ўстаноўкі, варта прывесці трохкампанентную структуру, прапанаваную Смітам:
- Кагнітыўны (пазнавальны) кампанент: выяўляецца ў выглядзе меркаванняў, сцвярджэнняў датычна аб’екта ўстаноўкі, ведаў пра ўласцівасці, прызначэнні, спосабы абыходжання з аб’ектам.
- Афектыўны (эмацыйны) кампанент: стаўленне да аб’екта, выказанае на мове непасрэдных перажыванняў і пачуццяў, якія ён выклікае; ацэнкі «падабаецца — не падабаецца» або амбівалентнае стаўленне.
- Паводзінскі кампанент: гатоўнасць індывіда да ажыццяўлення канкрэтнай дзейнасці (паводзінаў) з аб’ектам.
Дадзеная структура выклікае пэўныя рознагалоссі ў навуковых колах. У прыватнасці, феномен, вядомы пад назвай «Парадокс Лап’ера», заключаецца ў тым, што рэальныя паводзіны людзей разыходзяцца з іх сацыяльнымі ўстаноўкамі, думкамі адносна аб’екта. Акрамя таго, паводле меркавання Д. Бема, не ацціцюд уплывае на паводзіны, а паводзіны аказваюць уздзеянне на ацціцюд; даследчык тлумачыць гэта тым, што чалавек спачатку назірае за паводзінамі, і толькі пасля гэтага фармуецца ўстаноўка, г. зн. людзі як бы «выводзяць» свае ўстаноўкі з назірання за ўласнымі паводзінамі.
Віды сацыяльных установак
[правіць | правіць зыходнік]Віды сацыяльных установак:
- Сацыяльная ўстаноўка на аб’ект — індывід гатовы паводзіць сябе канкрэтным чынам.
- Сітуатыўная ўстаноўка — індывід гатовы паводзіць сябе пэўным чынам, па-рознаму ў розных сітуацыях у адносінах да аднаго і таго ж аб’екта.
- Перцэпцыйная ўстаноўка — індывід гатовы бачыць тое, што хоча бачыць.
- Парцыяльныя, або прыватныя ўстаноўкі, і агульныя, або генералізаваныя.
Адрозніваюць віды сацыяльных установак па іх мадальнасці:
- станоўчыя («за» аб’ект);
- адмоўныя («супраць» аб’екта);
- нейтральныя;
- амбівалентныя сацыяльныя ўстаноўкі (гатоўнасць весці сябе як станоўча, так і адмоўна) — кіраўнічыя адносіны, шлюбныя адносіны.
Віды сацыяльных установак у першым выпадку вылучаныя зыходзячы з сітуацыі ўзаемадзеяння індывіда з аб’ектам, а таксама канкрэтызацыі ім аб’ектаў; у другім — зыходзячы з эмацыйнага складніку сацыяльнай ўстаноўкі ў адносінах да аб’екта.
Функцыі сацыяльных установак
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя функцыі сацыяльнай ўстаноўкі, якія вылучылі М. Сміт і Д. Брунер:
- Ацэнка аб’екта: ацэнка інфармацыі, якая паступае з навакольнага свету, з дапамогай ацціцюда і суаднясенне яе з існуючымі ў чалавека каштоўнасцямі, мэтамі, інтарэсамі, матывамі.
- Сацыяльнае прыстасаванне: дазваляе чалавеку ацаніць, як іншыя людзі ставяцца да сацыяльнага аб’екта. Сацыяльная ўстаноўка выказвае міжасобасныя адносіны. Ацціцюд можа выступаць як сродак разрыву альбо захавання адносінаў чалавека з іншымі людзьмі.
- Экстэрналізацыя (функцыя ўвасаблення): існаванне ў чалавека ўнутраных супярэчнасцяў і праблем. Устаноўка да сацыяльнага аб’екта з’яўляецца, на думку аўтараў, адкрытым сімвалічным замяшчальнікам для схаванай устаноўкі, прынятай ва ўнутранай барацьбе. Сацыяльная ўстаноўка можа стаць «выразнікам» глыбінных матываў чалавека.
Акрамя таго, Д. Кац вылучае 4 асноўныя функцыі сацыяльнай устаноўкі з пункту гледжання патрэбаў, якія яна абслугоўвае:
- Інструментальная (прыстасоўвальная). Дапамагае павялічыць узнагароджанне і паменшыць страты, выказвае прыстасоўвальныя тэндэнцыі паводзінаў чалавека. Устаноўка накіроўвае суб’екта да аб’ектаў, якія служаць дасягненню яго мэтаў.
- Эгаахоўная. Ацціцюд, які абараняе чалавека ад атрымання непрыемнай інфармацыі аб значных для яго сацыяльных аб’ектах і аб самім сабе, спрыяе вырашэнню ўнутраных канфліктаў асобы.
- Функцыя выражэння каштоўнасцяў. Ацціцюды даюць чалавеку магчымасць арганізаваць свае паводзіны адпаведным чынам і выказаць тое, што важна для яго.
- Функцыя арганізацыі ведаў. Гэта функцыя заснавана на імкненні чалавека да сэнсавага ўпарадкавання навакольнага свету. Ацціцюды дапамагаюць чалавеку зразумець дзеянні іншых людзей або падзеі, што адбываюцца, асэнсаваць рэчаіснасць.
Падыходы да фарміравання сацыяльных установак
[правіць | правіць зыходнік]Біхевіярысцкі падыход
[правіць | правіць зыходнік]Устаноўка разглядаецца як імпліцытная, апасродкаваная рэакцыя — прамежкавая пераменная паміж знешняй рэакцыяй і аб’ектыўным стымулам, або як гіпатэтычная канструкцыя. Ацціцюд, які з’яўляецца адначасова стымулам для назіранай рэакцыі і рэакцыяй на назіраны стымул, дзейнічае накшталт злучнага механізму. Ён фактычна недаступны для знешняга назірання. У якасці асноўных механізмаў фарміравання ацціцюдаў у дадзеным падыходзе могуць быць разгледжаны: 1) стымуляванне (станоўчае падмацаванне); 2) назіранне за паводзінамі іншых людзей і за наступствамі іх паводзін; 3) узнікненне асацыяцый паміж ужо існуючай і зноў сфарміраванай устаноўкай або паміж структурнымі кампанентамі розных ацціцюдаў.
Матывацыйны падыход
[правіць | правіць зыходнік]Працэс фарміравання ацціцюда як працэс узважвання чалавекам усіх «за» і «супраць» прыняцця новага ацціцюда, а таксама вызначэння наступстваў прыняцця сацыяльнай устаноўкі. Цана выбару і выгада ад наступстваў выбару з’яўляюцца асноўнымі для фарміравання ўстановак у гэтым падыходзе.
Кагнітывісцкі падыход
[правіць | правіць зыходнік]Гэты падыход уключае ў сябе некалькі падобных паміж сабой тэорый, якія базуюцца на тым, што людзі імкнуцца да ўнутранай узгодненасці сваёй кагнітыўнай структуры і, у прыватнасці, сваіх ацціцюдаў. Паводле кагнітывісцкай тэорыі, ролю ўстаноўкі, якая апасродкуе зноў паступаючую інфармацыю, выконвае ўся кагнітыўная структура, якая мадэлюе, блакуе ці асімілюе яе.
Структурны падыход
[правіць | правіць зыходнік]Ацціцюд вызначаецца як функцыя структуры міжасобасных адносін. Фарміраванне ацціцюдаў разглядаецца зыходзячы з узаемадзеяння з соцыумам, з цеснаты міжасобасных зносін, у тым ліку і з назірання за ацціцюдамі навакольных людзей. Чалавек параўноўвае свае ўласныя ўстаноўкі з устаноўкамі навакольных, «карэктуючы» іх у адпаведнасці са значнасцю той ці іншай групы для яго.
Генетычны падыход
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне ацціцюдаў ускосна можа быць абумоўлена генетычнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца ў прыроджаных адрозненнях тэмпераменту, інтэлектуальных здольнасцей, біяхімічных рэакцый. Такія прыроджаныя ацціцюды, на думку прадстаўнікоў дадзенага падыходу, з’яўляюцца значна больш трывалымі ў параўнанні з набытымі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Андреева, Г. М. Социальная психология / Г. М. Андреева. — М. : Аспект Пресс, 2001. — 290 с.
- Влияние этнических установок на формирование оценочного отношения : автореф. дис. … магист. : 03.03.00 / М. А. Дик : Санкт-Петербургский госуд. университет. — СПб, 2016. — 117 с.
- Мясищев В. Н. Психология отношений: избранные психологические труды / В. Н. Мясищев. — М. : Институт практической психологии, 1998. — 362 с.
- Узнадзе Д. Н. Общая психология / Д. Н. Узнадзе. — СПб. : Питер, 2004. — 413 с.
- Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность / Х. Хекхаузен. — СПб. : Питер, 2003. — 860 с.
- Хьелл Л. Теории личности / Л. Хьелл, Д. Зиглер. — СПб. : Питер, 2003. — 608 с.
- Шихирев П. Н. Современная социальная психология / П. Н. Шихирев. — М. : Наука, 1979. — 210 с.
- Jung C.G. The Structure and Dynamics of the Psyche / C.G. Jung. — NY : Pantheon Books, 1960. — P. 596.
- Kohler K., McDonald D.B. Bible in Mohammedian Literature / ed. I. Singer // Jewish Encyclopedia : in 12 Vol. — NY, 1901. — Vol. 3 — P. 182—185.
- La Piere R. Attitude versus action / R. La Piere // Social Forces. — 1934. — Vol. 13. — № 2. — P. 230—237.
- Modood T. Multiculturalism, Muslims and Citizenship: A European Approach / T. Modood, A. Triandafyllidou, R. Zapata-Barrero. — New York : Routledge, 2006. — P. 215.
- Sills D. L. Definition of attitude / ed. D. L. Sills // International encyclopedia of the social sciences : in 17 Vol. — New York, 1968. — Vol 1. — P. 449—454.
- Smith M. B. Opinions and Personality / M. B. Smith, J. S. Bruner, R. W. White. — NY : John Wiley & Sons, Inc., 1956. — P. 294.